Прадстаўнікі бягомльскага Цэнтра дапамогі залежным ад алкаголя і наркотыкаў “Светач” сустрэліся з біскупам Алегам Буткевічам

Сустрэча адбылася 27 красавіка ў Віцебску.

Падчас сустрэчы прадстаўнікі Цэнтра Уладзімір Шчэпін і Генадзь Бервячонак падзяліліся сваім планамі і прапановамі адносна яго далейшага развіцця.

Было вырашана больш шырока распавядаць пра дзейнасць Цэнтра, у тым ліку і праз сродкі масавай інфармацыі.

“Лічу, што гэта вельмі патрэбная на сённяшні дзень справа, — адзначыў біскуп Алег Буткевіч, — дапамагаць тым людзям, якія па розных прычынах патрапілі сёння ў такое жыццёвае становішча. Выйсці самому з гэтай залежнасці вельмі цяжка. І тут патрэбна дапамога ў першую чаргу не спецыяліста як такога, а тых людзей, якія самі праз гэта прайшлі, якія могуць як ніхто іншы іх зразумець і падаць руку дапамогі”.

І гэта толькі адзін бок праблемы, якую вырашае Цэнтр у Бягомлі. Дапамогі патрабуюць таксама людзі сузалежныя – тыя, хто жыве побач з алкаголікам, яго родныя, сваякі, сябры. І ім таксама аказваюць дапамогу ў гэтым Цэнтры.

8 ліпеня будзе адзначацца гадавіна з пачатку дзейнасці Цэнтра. Кіраўнік Цэнтра Уладзімір Шчэпін запрасіў на гэту ўрачыстасць біскупа Алега Буткевіча. З гэтай нагоды іерарх узначаліць святую Імшу ў капліцы Езуса Хрыста – Валадара Сусвету ў Бягомлі. Таксама ў гэты дзень адбудзецца семінар для сузалежных людзей. Такія семінары ў Цэнтры плануюць праводзіць кожныя тры месяцы.

Запрашаем усіх жадаючых!

One thought on “Прадстаўнікі бягомльскага Цэнтра дапамогі залежным ад алкаголя і наркотыкаў “Светач” сустрэліся з біскупам Алегам Буткевічам

Добавить комментарий